БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПАЛЯЎНІ́ЧЫХ І РЫБАЛО́ВАЎ,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1921 як Бел. паляўнічы саюз, з 1955 сучасная назва. Асн. задачы: выхаванне беражлівых адносін да прыродных багаццяў, вядзенне на навук. аснове паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі; ахова і павелічэнне колькасці карысных звяроў і рыб; стварэнне ўмоў для заняткаў членаў т-ва паляваннем і аматарскім рыбалоўствам; пашырэнне ведаў аб прыродзе і прыродаахоўная прапаганда; выраб паляўнічага і рыбалоўнага рыштунку; арганізацыя і правядзенне вучэбна-спарт. работы. Аб’ядноўвае каля 160 тыс. членаў, у тым ліку больш за 100 тыс. з правамі паляўнічых (1995). Друкаваны орган — газ. «Паляўнічы і рыбалоў Беларусі».
т. 2, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)